24 мая 2022 года на базе Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта праходзіў навукова-культурны фестываль “Беларусь і Расія: рэалізацыя моладзевых ініцыятыў”, прысвечаны Дню славянскага пісьменства і культуры. Фестываль быў арганізаваны ў выглядзе тэлемоста паміж Баранавіцкім дзяржаўным універсітэтам і Тульскім дзяржаўным педагагічным універсітэтам імя Л.М. Талстога.
Гімназія №1 г. Баранавічы, на базе якой размешчаны філіял кафедры філалогіі Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта, прыняла актыўны ўдзел у міжнародным мерапрыемстве. Так, настаўнік беларускай мовы і літаратуры Томчык Дзмітрый Сяргеевіч выступіў з навукова-папулярным дакладам “Дзейнасць Кірылы і Мяфодзія ў рэчышчы стварэння і распаўсюджвання славянскага пісьменства”, у якім адзначыў пытанні стварэння азбукі святымі братамі, выкарыстанне кірылічнай і глагалічнай азбукі на сучасным этапе ў Беларусі і Расіі, значэнне кірыліцы і глаголіцы ў культурнай прасторы ўсяго славянскага свету.
Мадэратарам круглага стала з’яўлялася загадчык кафедры філалогіі кандыдат педагагічных навук дацэнт Таццяна Міхайлаўна Пучынская, якая адзначыла важнасць пастаўленых пытанняў, іх практычную і адукацыйную скіраванасць.
Таксама ў межах навукова-культурнага фестывалю праводзіўся конкурс навуковых і творчых работ, у якім прынялі ўдзел прадстаўнікі ўстаноў вышэйшай і сярэдняй адукацыі. Вучні 8 “В” класа Кузьмін Аляксандр, Пташук Дар’я і Рапінчук Аксіння пад кіраўніцтвам настаўніка беларускай мовы і літаратуры Томчыка Д.С. падрыхтавалі навуковую работу “Яшчэ раз пра прыметнік і яго асаблівасці праз прызму стараславянскай мовы”, у якой разгледзелі пытанне: як веданне звестак са стараславянскай мовы дапамагае ў вызначэнні лексіка-граматычных разрадаў прыметніка сучаснай беларускай мовы. Работа вучняў была адзначана дыпломам ІІІ ступені. Узнагароджанне пераможцаў будзе адбывацца на ўрачыстым пасяджэнні навукова-тэхнічнага савета Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта 7 чэрвеня 2022 года.
Адміністрацыя ДУА “Гімназія №1 г. Баранавічы” выказвае падзяку кафедры філалогіі за развіццё навуковых, адукацыйных і культурных сувязяў паміж установамі адукацыі, што спрыяе лепшай падрыхтоўцы вучняў і развіццю іх творчых і метапрадметных здольнасцей.